МОМАНТ IСЦIНЫ БЕЛАРУСКАГА РЭЖЫСЁРА

"На экранах" №6
2000
Вольга Барабаншчыкава

Некалькi пытанняў да Мiхаiла Пташука

Фiльм Мiхаiла Пташука "У жнiўнi сорак чацвёртага" ("Момант iсцiны") яшчэ да прэм'еры зрабiнся легендай...

— Мiхаiл Мiкалаевiч, Вас не бянтэжыць, што на "Беларусьфiльме" запускалася толькi адна стужка – Ваш "Момант iсцiны"?


— Лiчу, што маёй вiны ў гэтым няма. Я разумею, што некаторыя мае калегi крыўдуюць на мяне. Аднак паўтаруся: маёй вiны, як рэжысёра, у гэтым няма. Гэта дзяржзаказ нашай краiны i наогул першы дзяржзаказ у маiм уласным творчым жыццi.

"У жнiўнi сорак чацвёртага" – дарагая карцiна. Сёння наша студыя не здольна самастойна паставiць такi вялiкi, маштабны фiльм. Толькi рамонт даваеннага цягнiка каштаваў нам два мiльярды беларускiх рублёў. А касцюмы? Трэба ж было апрануць паўтары тысячы салдат у форму 1944 года! Я ўжо дваццаць пяць гадоў у кiно, аднак нi з адным фiльмам у мяне не было столькi цяжкасцяў, як з гэтым. Бо заўсёды дапамагала студыя. Сёння ж мы пакiнутыя на волю лёсу. Калi б не мiнiстр Аляксандр Сасноўскi, то наш "Момант iсцiны" так i застаўся б мёртвым грузам. Стужка i была мёртвай некалькi месяцаў.

Таму я быў вымушаны звярнуцца ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта i расказаць пра тое, што адбываецца на студыi з нашым фiльмам. Дзякуючы Сасноўскаму раз у два тыднi. Мiнiстэрства культуры ладзiла спецыяльную нараду, дзе абмяркоўвалiся вытворчыя праблемы фiльма. Мiнiстэрства абароны таксама дапамагала нам – з тэхнiкай, ваеннымi палiгонамi, масоўкай. На жаль, на студыi немагчыма было сабраць рэквiзiт 1944 года. Дзякуй Богу, пашанцавала з кабiнетам Сталiна. Пры дапамозе нашага КДБ i ФСБ Расii мы выйшлi на сапраўдную дачу Сталiна, дзе i здымалi яго кабiнет.

Зразумела, што без Расii мы гэтую карцiну не зрабiлi бы. Сваiмi беларускiмi "зайчыкамi" мы не змаглi б абысцiся...

У фiльме здымалiся сапраўдныя зоркi. У ролi капiтана Алёхiна – славуты расiйскi акцёр, маскоўскi Гамлет Яўген Мiронаў. Я, Мiронаў, акцёр, на якога сёння робяць стаўкi i пiшуць сцэнарыi, лiтаральна рваўся iграць у нашым фiльме, адмаўляючыся ад ўсiх астатнiх прапаноў. I ён iдэальна падыходзiць на ролю Алёхiна – разумнiка, сапраўднага рускага iнтэлiгента. Генерала Ягорава сыграў Аляксей Пятрэнка, якiм нельга не захапiцца ў фiльме М. Мiхалкова "Сiбiрскi цырульнiк". А. Пятрэнка з тых акцёраў, якiя iдуць у мяне з карцiны ў карцiну. Расiйскi акцёр Аляксандр Балуеў, якi вядомы цяпер i ў Галiвудзе, здымауся ў ролi Мiшчанкi, таго ворага, якога шукаюць нашы маладыя героi. Панi Гралiнскую сыграла цудоўная польская актрыса Беата Тышкевiч. Мне вельмi падабаецца сустракацца, мець зносiны з гэтай актрысай, якая, дарэчы, паходзiць з беларусаў. На ролю Юлькi была запрошана i маладая польская прыгажуня Каралiна Грушка, якая ў семнаццаць гадоў сыграла Марыю Iванаўну у карцiне "Рускi бунт" рэжысёра А. Прошкiна – экранiзацii "Капiтанскай дачкi" А. Пушкiна. У нашым фiльмe здымалася таксама сталае пакаленне акцёраў-купалаўцаў i моладзь з Беларускай Акадэмii мастацтваў. Прызнаюся, што я вельмi задаволены акцёрскiм саставам.

— Пасля гучнай маскоўскай мiжнароднай прэм'еры "Сi6iрскага цырульнiка" i яго паспяховага пракату па ўсёй краiне МiкiтаСяргеевiч Мiхалкоў сцвярджае, што толькi буйнабюджэтныя, вялiкiя карцiны змогуць наладзiць пракат, прывесцi людзей у кiно. Бо ў свой час менавiта вялiкiя галiвудскiя карцiны вывелi Амерыку з эканамiчнага крызiсу.

— Мiкiцiна праўда. Калi я быў у Маскве, глядзеу акцерау, то паралельна атрымаў запрашэнне ў Крэмль на прэм'еру "Сiбiрскага цырульнiка". Гэта было сапраўднае шоў, як мастацкае, так i палiтычнае. Думаю, што з гэтай карцiны для ўсiх нас, рэжысёраў былога СССР, пачнецца новы адлiк у падыходзе да кiнематографа. Усё гэтае дробнатэм'е, якое мы здымалi апошнiя дзесяць гадоў, нiкому не патрэбна. Мы гэта рабiлi для "фiльматэкi". Сцэнарны партфель "Беларусьфiльма" быў пусты. Таму рашэнне, прынятае мiнiстрам культуры, што лепш – адна вялiкая карцiна, чым некалькi дробных, лiчу правiльным.

На экране Мiхалкоў увасобiў гiсторыю сваёй краiны, свайго народа. Яшчэ чатыры гады таму я ўгаворваў наша Мiнiстэрства культуры паставiць "Вiтаута" – гiсторыю нашай Бацькаўшчыны. Дзяржава адмовiла мне...

— Мiхалкоў рабiў свой фiльм толькi з адзiнай мэтай – вярнуць Расii пачуццё ўласнай годнасцi. Вы неяк казалi, што "Момант iсцiны" таксама будзе нацыянальнай карцiнай.

— Галоўнае месца дзеяння ў фiльме – Заходняя Беларусь. Таму ў маёй стужцы гучаць тры мовы: беларуская, польская, руская. У пошуку здраднiка галоўныя героi – тры рускiя салдаты праходзяць праз нашыя вёскi, мястэчкi, гарадкi. Мне падабалася тая задача, якая стаяла перада мной – аднавiць на экране Заходнюю Беларусь ваенных часоў. Па сутнасцi, "Момант iсцiны" з'яўляецца нацыянальным фiльмам толькi па мескы дзеяння. Калi рабiць сапраўдную нацыянальную карцiну, то трэба здымаць "Вiтаўта". Каб мы сваёй гiсторыяй ганарылiся, не адракалiся ад яе, мы павiнны пачаць яе з "Вiтаўта".

— Мiхаiл Мiкалаевiч, цi iснуе беларуская школа кiно?

— Правiльней будзе сказаць, што iснуе беларуская савецкая школа кiно. Лiчу, што сапраўдных кiнематаграфiчных вяршынь нашае кiно дамаглося ў ваенна-патрыятычным жанры. Раней ваенныя фiльмы рабiлiся маштабнымi, панарамнымi.

— Мiхаiл Мiкалаевiч, Вы некалi сцвярджалi, што "Момант iсцiны" адрасаваны перш за ўсё маладым гледачам?

— Я абсалютна перакананы, што гэта маладзёжная карцiна. Бо яе галоўныя героi – хлапчукi. Я спецыяльна падбiраў акцёраў, твараў якiх яшчэ не было на экране.

Вось як бывае: прайшло ўжо дваццаць пяць гадоў пасля таго, як быў надрукаваны раман У. Багамолава "У жнiўнi сорак чацвёртага...", а твор па-ранейшаму актуальны i зацiкаўлiвае сучасную моладзь. Усiм акцёрам, якiя спрабавалiся у мяне на ролi, я абавязкова раiў прачытаць раман. Яны былi ўражаны, па-першае, таму, як гэты твор здолеў прайсцi цэнзуру, калi там занатавана такая праўда, а, па-другое, – цудоўнымi характарамi у рамане. Пагадзiцеся, сёння з экрана нам няма з каго браць прыклад. Ёсць у "Сiбiрскiм цырульнiку" малады юнкер, якi за каханне пайшоў на катаргу. Гэта ўчынак, якi можна пераймаць. А ў рамане Багамолава проста калейдаскоп такiх учынкаў!

Нядаўна ў Польшчы адбылася прэм'ера стужкi Ежы Гофмана "Агнём i мячом" па рамане Г. Сянкевiча. За тры тыднi пракату ў Польшчы яе паглядзеў кожны трэцi паляк! Уяўляю, якi пад'ём нацыянальнага самаадчування выклiкала карцiна ў польскай моладзi. Сёння, калi былыя савецкiя рэспублiкi зрабiлiся самастойнымi краiнамi, так неабходна кожнай з iх мець свайго героя, якi быў бы ўвасабленнем нацыi. У Анджэя Вайды колькi гадоў такiм героем быў Збiгнеў Цыбульскi, потым – Данiэль Альбрыхскi. Нам трэба таксама знайсцi свайго героя...

Калi казаць пра своеасаблiвае пасланне, то ў фiльме мне вельмi важна было акцэнтаваць увагу на моманце стойкасцi хлапчукоў. Бо нягледзячы на тое, што яны былi шрубкамi вялiзнай дзяржаўнай машыны, якой кiраваў сам "правадыр", хлопцы не пабаялiся зрабiць усё наперакор, зрабiць тое, што загадала iм iх сумленне. Галоўнае для мяне – ўчынак. Нам заўсёды не хапала ўчынка...